Сёння ў школе


     6 верасня 2020 года  настаўнікі кафедры беларускай мовы Руткоўская Вікторыя Анатольеўна і Папова Кацярына Міхайлаўна разам з жадаючымі  вучнямі і іх бацькамі наведалі сталіцу ХХVІІ Дня беларускага пісьменства – г. Бялынічы.

     Праграма свята вельмі насычаная: адкрыццё скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай Бялыніцкай іконе Божай Маці (ікона Багародзіцы, якая шануецца праваслаўнымі, католікамі і ўніятамі ўсходняй часткі Беларусі), урачыстае адкрыццё Бялыніцкага мастацкага музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, цырымонія спецыяльнага гашэння памятнага канверта з арыгінальнай маркай, прысвечанай XXVІІ Дню беларускага пісьменства, закладка алеі гарадоў-сталіц Дня беларускага пісьменства. Увесь раённы цэнтр ператварыўся ў пешаходную зону. Фестываль кнігі і прэсы, тэматычныя пляцоўкі і гандлёвыя рады, якія расцягнуліся на некалькі кіламетраў, канцэртныя выступленні і добры настрой – такім запомніўся г. Бялынічы гасцям свята.

     Цэнтрам прыцягнення стаў друкарскі двор, на якім кожны жадаючы мог паспрабаваць сябе ў якасці кнігадрукара мінулых стагоддзяў.

    На фестываль у Бялынічы з’ехаліся і майстры народных  промыслаў. Адзенне і ўпрыгажэнні, прадметы побыту, тэматычныя  сувеніры… Сваю прадукцыю прадставілі і вядучыя прадпрыемствы харчовай прамысловасці.

    Сталіцай Дня беларускага пісьменства ў 2021 годзе стане горад Капыль Мінскай вобласці.

    А  5 верасня  вучні 4-ых  класаў  наведалі  мерапрыемства, прысвечанае Дню пісьменства, якое праходзіла ў  к/т  “Ветразь”. Дзеці  чыталі  і слухалі  вершы  на беларускай  мове, глядзелі  слайд-шоу “Беларускія  асветнікі”, дакументальны  фільм “Міхась Пазнякоу”, прысвечаны дзіцячаму  пісьменніку –земляку.

    Гульня-конкурс “Да святыняў – з кнігай”прайшла ў школьнай бібліятэцы ў рамках адзінага дня роднай мовы 10 верасня.Прысвечана яна святу беларускага пісьменства.Вучні адказвалі на пытанні па тэме, глядзелі слайды “Славутыя імёны Беларусі”, “Гарады-сталіцы свята беларускага пісьменства”, спаборнічалі ў ведах па гісторыі Радзімы.

   Таксама на працягу тыдня класныя кіраўнікі правялі інфармацыйныя гадзіны, прысвечаныя святу ў Бялынічах.Вучні, якія пабывалі там, расказвалі пра свае ўражанні ад свята, іншыя рабілі паведамленні па гісторыі свята.