ГУО "Средняя школа №18 г. Могилёва" Клуб "Спадчына" Падарожнічаючы па родным краі

Падарожнічаючы па родным краі


2 кастрычніка настаўнікі школы сустракалі прафесійнае свята, падарожнічаючы па родным краі, вывучаючы гісторыю сваёй краіны. Падарожжа пачалося з прыемнай нечаканасці. Таццяна, наш гід, павіншавала ўсіх са святам і падарыла свечкі, зробленыя сваімі рукамі. Яна вырабляе іх з пчалінай вашчыны. Які водар стаяў у аўтобусе на працягу ўсяго падарожжа!

Педагогі наведалі вёску Лясная, дзе паслухалі пра гісторыю вёскі і царквы, наведалі краязнаўчы музей і пачулі пра бітву са шведамі. Нам пашанцавала, бо экскурсавод Святлана – чалавек не толькі разумны, але і дапытлівы, умее цікава расказаць, заінтрыгаваць экскурсантаў. Таксама жадаючыя прынялі ўдзел у касцюміраванай сцэнцы.

 

Затым група пераехала ў Слаўгарад, у мінулым горад Прапойск. З  цікавасцю паслухалі легенды пра назвы  горада, пазнаёміліся з яго гісторыяй, наведалі цікавы храм, дзе экскурсію праводзіў сам бацюшка. Потым пабывалі на могілках вёсак, якія зніклі з твару зямлі пасля аварыі на Чарнобыльскай  АЭС. Вялікае ўражанне пакінуў невялічкі парк на Замкавай гары. Якая прыгажосць адкрываецца з гары! Унізе блішчыць водная гладзь Сожа, навокал усё ў  восеньскай пазалоце! Лаўкі размешчаны так, што сядзіш тварам да ракі, любуешся прасторамі, якія раскінуліся навокал. І цішыня, хоць навокал людзі! Гэта прывілея маленькіх гарадкоў.

 

Вельмі цікава было пабываць у аграсядзібе «Сырная даліна», гаспадыня якой (Тамара Іванаўна) сустракала ў нацыянальнай вопратцы і вітала па-беларуску. Яна пазнаёміла з сядзібай, запрасіла ў сырны павільён, дзе прайшоў майстар-клас па вырабу сырнай прадукцыі, у якім прынялі ўдзел і нашы настаўнікі. Потым усе з задавальненнем частаваліся сырамі 4 відаў. Якія яны смачныя! Усе закупіліся, каб пачаставаць сваіх блізкіх і родных.

А потым — пераезд на Блакітную крыніцу. Пасля цікавага аповеду ўсе акунуліся ці перайшлі  крыніцу некалькі разоў, набралі гаючай вады, загадалі жаданне ля мясцовага валуна.

Дзень прайшоў выдатна! Надвор’е спрыяла нашаму падарожжу!